ВА́ЛЬЕ ІНКЛА́Н

(Valle-Inclán) Рамон Марыя дэль (28.10.1866, Вільянуэва-дэ-Ароса, прав. Пантэведра, Іспанія — 5.1.1936),

іспанскі пісьменнік. Прадстаўнік «Пакалення 1898 года» (гл. ў арт. Іспанія, раздзел Літаратура). Ранняя творчасць (цыкл аповесцей «Санаты», ч. 1—4, 1902—05) пад уплывам лац.-амер. мадэрнізму і франц. дэкадансу. Пазнейшыя творы адметныя ўвагай да фальклору і гісторыі роднай Галісіі: трылогія «Карлісцкая вайна» (1908—09), драм. цыкл. «Варварскія камедыі» (1907—22). У 1920-я г. працаваў над «эсперпента» — драм. жанрам, які папярэднічаў сюррэалізму і т-ру абсурду (блізкі да трагіфарса). У п’есах «Рогі дона Ахінеі» (1921), «Убранне нябожчыка» (1926) і інш. праз гратэск, абагульненасць вобразаў і парадзіраванне штампаў класічнай л-ры высмеяў афіц. ідэалогію і косны быт правінцыяльнай Іспаніі. Аналіз феномена ваен. дыктатуры лац.-амер. тыпу ў рамане-памфлеце «Тыран Бандэрас» (1926). Аўтар няскончанай гіст. трылогіі «Арэна Іберыйскага цырка» (т. 1—2, 1927—28, т. 3, выд. 1958). Зб-кі вершаў «Водар легенды» (1907), «Люлька гашышу» (1919) і інш. ў цэлым вытрыманы ў стылістыцы лац.-амер. мадэрнізму.

Тв.:

Рус. пер. — Сонаты. М.; Л., 1966;

Избр. произв. Т. 1—2. Л., 1986.

Літ.:

Тертерян И. Испытание историей: Очерки исп. лит. XX в. М., 1973.

К.М.Міхееў.

т. 3, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)